У 1987 годзе грамадзянская актыўнасць у СССР перастала лічыцца крымінальным злачынствам. Па ўсім Савецкім Саюзе пачалі ўзнікаць грамадскія клубы, моладзевыя асацыяцыі, самадзейныя арганізацыі і культурна-асветніцкія таварыствы.
Не абмінуў інтарэс грамадскасці і тэму камуністычных рэпрэсій. Тым больш, што ў 1987 годзе была часткова знята цэнзурная забарона на публікацыі, прысвечаныя сталінскаму тэрору. Пры гэтым даволі жорсткія рамкі дазволенага ў пулікацыях захоўваліся. Па-першае, можна было асуджаць толькі тэрор сталінскай эпохі. Па-другое, нішто не павінна было ставіць пад сумнеў “сацыялістычны выбар”. Але гэтага апынулася дастаткова: са старонак часопісаў на краіну хлынула плынь публікацый, якія распавядалі пра той дэспатызм, бяспраўе і жорсткасць, што панавалі ў недалёкім мінулым.
Мемарыял
Найбольшую вядомасць і ўплыў на тэрыторыі былога СССР атрымала таварыства “Мемарыял” (зараз – Міжнароднае гісторыка-асветніцкае, праваабарончае і дабрачыннае таварыства “Мемарыял”), якое пачало сваю дзейнасць яшчэ ў 1987 у выглядзе нефармальнага гуртка, а афіцыйны статус атрымала ў 1989 годзе. Сярод яго заснавальнікаў было нямала былых палітвязняў і дысідэнтаў, у тым ліку акадэмік А. Сахараў. На дадзены момант “Мемарыял” ўяўляе сабой супольнасць дзясяткаў арганізацый у розных краінах, якія вядуць даследчую, праваабарончую і асветніцкую працу.
Мінскае аддзяленне было ўтворана ў 2011 годзе. Асноўным напрамкам дзейнасці арганізацыі ў Беларусі з’яўляецца гісторыка-асветніцкая дзейнасць. Плануецца падрыхтоўка навучальных дапаможнікаў і арганізацыя выставаў.
Мартыралог Беларусі
3 чэрвеня 1988 г. у часопісе “Літаратура і мастацтва” быў апублікаваны артыкул Я. Шмыгалёва і З. Пазняка “Курапаты: дарога смерці”. Гэта быў першы выпадак ва ўсім СССР, калі было выкрыта такое вялікае пахаванне ахвяраў палітычных рэпрэсій, а сведчанні абнародаваныя.
Выхад ў друк публікацыі Шмыгалёва і Пазняка выклікаў шырокі грамадскі розгалас, узнікла ідэя утварэння дабраахвотнага грамадска-асветніцкага таварыства памяці ахвяр рэпрэсій, якое атрымала назву “Мартыралог Беларусі”. Па ініцыятыве гісторыка-мемарыяльнай і інш. камісій Беларускага фонду культуры была ўтворана арганізацыйная група Камітэт 58, якая падрыхтавала праекты статута і дэкларацыі таварыства.
19 кастрычніка 1988 г. у Мінску ў Доме кіно адбыўся Усебеларускі ўстаноўчы сход (прысутнічала 350 чалавек), які зацвердзіў Статут і Дэкларацыю таварыства “Мартыралог Беларусі”. Асноўная мэта Мартыралогу – раскрыццё масавых рэпрэсій 1920–1950-х гадоў, высвятленне колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах высылкі і зняволення, увекавечанне іх памяці.
У 1989 г. таварыствам выдадзены бюлетэнь “Мартыралог Беларусі”, у 1990 г. зняты дакументальны фільм “Дарога ў Курапаты”, у 1993 г. праведзена канферэнцыя “Час, помнікі, людзі: Памяці рэпрэсіраваных археолагаў”, устаноўлены памятныя знакі ў Чэрвені, Курапатах і інш. Таварыства з’яўляецца адным з ініцыятараў стварэння Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій.
Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій
Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій уяўляе сабой добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Устаноўчы з’езд асацыяцыі адбыўся 7—8 лютага 1992 у Мінску, а 5 чэрвеня 1992 яна была зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій ставіць сабе за мэту аказанне прававой, матэрыяльнай, сацыяльна-бытавой і іншай дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсій, займаецца ўвекавечаннем памяці ахвяр рэпрэсій і асветніцкай дзейнасцю.
У склад Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій уваходзяць абласныя і раённыя асацыяцыі і арганізацыі.
Ініцыятыва “За ўратаванне мемарыяла Курапаты”
У 2001 годзе ў адказ на варварскія метады працы па пашырэнні мінскай кальцавой дарогі ўзнікла ініцыятыва “За ўратаванне мемарыяла Курапаты”. Калі будаўнікі пачалі валіць дрэвы і засыпаць пяском крайнія магілы, неабыякавая моладзь арганізавала кругласутачнае дзяжурства ў лесе. Каб абараніць Курапаты ад знішчэння, дасылаліся пратэсты ўладам, актыўна ўздымалася праблема ў прэсе. Дзякуючы дзейнасці ініцыятывы і гераічнай моладзевай вахце на працягу 9 месяцаў, грамадскасць перамагла.
Восенню 2012 года дзейнасць ініцыятывы была адноўлена ў сувязі з пратэстамі грамадскасці супраць будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» на паўночна-заходнім ускрайку ляснога масіву.
Праект “Апошняя адрэса” узнік у Расіі ў 2014 годзе ў выглядзе грамадзянскай ініцыятывы, якая накіравана на захаванне памяці пра асоб, якія зведалі палітычныя рэпрэсіі ў гады савецкай улады. На муры будынку, які стаўся апошняй адрэсай пасмяротна рэабілітаванага, усталёўваецца маленькая мемарыяльная таблічка з біяграфічнымі дадзенымі ахвяры.
У 2015 годзе праект “Апошняя адрэса” распачаў сваю дзейнасць і ў Беларусі.