Акрамя бязвінных ахвяраў рэпрэсіяў, варта не забывацца і пра тых, хто забіваў нашых сваякоў і продкаў. Нягледзячы на тое, што іх рукі былі па локці ў крыві, іх імёнамі дагэтуль названыя беларускія вуліцы.
Прафесійнай рысай сталінскай дыктатуры было не толькі знішчэнне ўяўных “ворагаў народа”, але і ўменне “замесці сляды”, не пакінуць наступным пакаленням ніякіх дакументаў, доказаў нават самога факту існавання на зямлі сваіх ахвяр, а заадно іх родных, паплечнікаў і сяброў. Кіруючая эліта пазбаўлялася ад непажаданых сведак – супрацоўнікаў карных органаў – катаў, на плечы якіх у гады рэпрэсій клалася найбольш крывавая праца.
Некаторыя з іх мелі дачыненне да Беларусі – ці фактам нараджэння, ці месцам працы на гэтай тэрыторыі. Сярод іх – першы намеснік наркама ўнутраных спраў СССР Агранаў, старшыня ГПУ БССР Рапапорт, наркам унутраных спраў БССР Закоўскі, намеснік наркама НКУС СССР Леплеўскі. Усе яны былі расстраляныя ў 1938 годзе. Люты 1940 года стаў апошнім месяцам жыцця наркама ўнутраных спраў СССР Яжова і старшыні ГПУ БССР Рэдэнса.
Трагічны лёс быў прызначаны большасці з тых, хто выконваў волю Сталіна. Становячыся катамі, людзі самі падпісвалі сабе смяротны прысуд, бо рана ці позна прыходзіла і іх чарга станавіцца ахвярамі крывавага малоха. Рэпрэсіўная сістэма паядала саму сябе: кожнае пакаленне катаў расстрэльвала сваіх папярэднікаў.
Былі ўсталяваныя так званыя “ліміты” на колькасць чалавек, якіх трэба арыштаваць. Для Гомеля “ліміт” быў усталяваны спачатку ў 500, затым у 1000, а потым у 2000 чалавек. Працаўнікоў НКУС інструктавалі наступным чынам: “Вы павінны раўняцца па вытворчасці на стаханаўцаў і не толькі выконваць нормы па выкрыцці аднаго чалавека ў суткі, але даваць больш, каб не дарма атрымліваць дзяржаўныя грошы”. У Менску нормы “выкрыцця” складалі ад 1 да 3, у Гомелі – ад 1 да 2 арыштаваных у суткі.
Для катаванняў ствараліся адмысловыя камеры. У Гомелі ў студзені 1937 г. былі абсталяваны тры камеры – “парылкі”. У вузкія памяшканні (насстолькі вузкія,што не змяшчаліся дзве койкі) камер-адзіночак без вокнаў і вентыляцыі заганялі 20 і больш чалавек. Камеры ацяпляліся печчу, у іх круглыя суткі гарэла святло. Тут людзей трымалі суткамі – яны стаялі датуль, пакуль не давалі патрэбных сведчанняў. Ад спякоты ў людзей на целе з’яўляліся пухіры. Калі хтосьці траціў прытомнасць, яго выцягвалі, аблівалі вадой са шланга і зноў запіхвалі ў камеру. Больш за 20 дзён “парылку” не вытрымліваў ніхто. У такіх камерах пабывалі 500-800 чалавек з агульнай колькасці разгледжаных спраў на 800-900 чалавек.
Да непакорлівых ужывалі яшчэ адну меру ўздзеяння – “ляднік”. Арыштаванага змяшчалі ў карцар з цэментавай падлогай, дзе была вельмі нізкая тэмпература. Падобная камера была ў Магілёве – цёмны нізкі пакой і вада па костку, схавацца ад вады можна было толькі ў труне, якая стаяла пасярод камеры.
У менскай турме НКУС – “амерыканцы” – быў арганізаваны адмысловы рэжымны корпус, куды дастаўляліся арыштаваныя, ужо прысуджаныя да смерці. Такія арыштаваныя, па меркаванні следчых, распавялі далёка не ўсё, што ведаюць. Асуджаных дапытвалі з дапамогай асабліва выдасканаленых катаванняў. Калі паддопытны даваў “сведчанні”, становішча яго палягчалі, яму давалі ежу. У такіх абставінах чалавек вымушаны быў даваць ілжывыя сведчанні. З 270 чалавек, якія ўтрымліваліся ў “амерыканцы”, 88 “далі сведчанні” на 3489 грамадзян.
Каты таксама траплялі ў пастку рэжыму і супраць іх выкарыстоўвалі такія ж метады, якія некалі прымянялі яны самі. Варта адзначыць, што ўсе кіраўнікі “Дзяржбяспекі” БССР у перыяд з 1918 па 1941 г. (15 чалавек) памерлі не натуральнай смерцю, а былі прысуджаныя да найвышэйшай меры пакарання і расстраляныя.