ВІРТУАЛЬНЫ МУЗЕЙ 
Савецкіх рэпрэсій у Беларусі 
Інтэлігенцыя

Галоўным ворагам таталітарызму ў любой краіне заўжды было іншадумства. Таму таталітарныя ўлады імкнуліся не толькі знішчыць любую яго праяву, але знішчалі саму магчымасць узнікнення іншага меркавання, іншага погляду. Антыгуманная савецкая ўлада, якая сама сябе выключала з ланцугу культурнай пераемнасці, па сваёй сутнасці не магла б уключыць у сваю сістэму старую інтэлігенцыю, якая адукоўвалася і фармавала свае погляды яшчэ да рэвалюцыі.

Адразу па сваім умацаванні савецкая ўлада актыўна знішчала ворагаў народу – прадстаўнікоў багатых і адукаваных слаёй насельніцтва. Менавіта інтэлігенцыя заўжды будзе галоўным ворагам саецкай улады. І калі Ленін яшчэ прызнаваў тое, што пакуль без старой інтэлігенцыі (спецыялістаў) маладой дзяржаве абыйсціся ніяк нельга, то Сталін меў на гэты конт іншае меркаванне.

У 1922 г. быў прыняты Дэкрэт “ Аб адміністрацыйнай высылцы”, паводле якога ўсе контррэвалюцыйныя элементы (неабавязкова арганізаваныя) падлягалі высылцы: “в тех случаях, когда імеется возможность не прібегать к аресту, установіть высылку за граніцу ілі в определённые РСФСР в адміністратівном порядке” (Собрание узаконений и распоряжений рабочего и крестьянского правительства. — М., 1922.— № 51.— Ст. 646).

НЭП і палітыка беларусізацыі спынілі карны рухавік чырвонага тэрору ў 20-я гг., аднак 30-я гг. сталі для беларускай інтэлігенцыі фатальнымі. Паралельна са знішчэннем “старой” патэнцыйна варожай інтэлігенцыі, улады праводзілі ў жыццё практыку выдвіжэнства (Фицпатрик Ш. Повседневный сталинизм. Социальная история Советской России в 30-е годы: город. М.: РОССПЭН, 2008. — 336 с.), калі ва ўніверсітэты і на адукацыйныя курсы адпраўляліся сяляне ці працоўныя, якія дэманстравалі найлепшыя вынікі ў сваёй сферы. Такмі чынам, савецкая ўлада ставрала новую інтэлігенцыю, выгадаваную ўжо ў Савецкім саюзе, а значыць лаяльную да ўладаў. Напрыкклад, у дакладной запісцы Культпропа усяляк падкрэсліваецца стварэнне новай пралетарскай літаратуры і выпраўленне некаторых літаратараў, якія ўсё лепш выконваюць ролю пралетарскага пісьменства (НАРБ,  спр. 5009).

Пачатак 30-х гг. вызначыўся арыштамі па сфальсікаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі”, чальцоў якой абвінавачвалі ў жаданні выйсці з СССР і аднаўленні БНР. Толькі за вясну і лета 30-га г. па гэтай справе было арыштавана 108 чалавек, сярод іх выбітныя навукоўцы, літаратары, грамадскія дзеячы: В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, праф. А.А.Смоліч, Дз.Прышчэпаў, А.В.Баліцкі, М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча і інш.

Наступнай гучнай справай стала справа “Беларускага нацыянальнага цэнтра”, сфальсіфікавана яна была пераважна супраць той часткі інтэлігенцыі, якая вярнулася ў БССР з замежжа ці падтрымлівала з ім сувязі. Па гэтай справе агулам праходзіла ля 183 чалавек, сярод іх .Т. Быйкоў, М.М. Ганчарык, С.І. Каржанеўскі, В.В. Мяцельскі, А.А. Акулік, У.П.Багданскі, К.І. Герасімовіч, В.І.Закрэўскі, М.Т. Бурсевіч, П.П.Валошын, Ф.І. Валынец, І.С.Дварчанін, С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.П.Багданскі, Л.А.Бабровіч, І.С.Саланевіч ды інш.

Гэтым пералік сфальсікаваных справаў не сканчаецца, была яшчэ справа “Беларускі Філіял меншавікоў”, “Беларускі Філіял прампартыі” ды інш.

Трэба адзначыць, што распрацоўваючы якую-небудзь групу, чэкісты давалі справам даволі-такі каларытныя назвы: напрыклад, справа па выкрыцці беларускіх нацыянал-дэмакратаў распрацоўвалася пад назвай “Фашыст”, а справа супраць габрэйскіх пісьменнікаў мела тытул “Гніль”.

Трэба сказаць, што некаторых асобаў арыштоўвалі па некалькі разоў, напрыклад, у пачатку 30-х, потым у 37-41-х гг., па СВБ У.Дубоўку і М.Улашчыка ды інш. Арыштоўвалі ў трэці раз.

Хіба самым крывавай ноччу найноўшай гісторыі Беларусі мірнага часу можна лічыць ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. калі ў менскай турме “амерыканцы” было забіта больш за 100 прадстаўнікоў беларускай эліты: навукоўцаў, літаратараў і інш. Сярод іх Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Хацкель Дунец, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Масей Кульбак, Юрка Лявонны, Аляксандр Чарнушэвіч, Максім Ляўкоў, Ананій Дзьякаў, Георгі Барзуноў, Якаў Сандамірскі, Вадзім Башкевіч, Захар Кавальчук, Леанард Лашкевіч, Саламон Лямперт ды інш.

Больш мяккай мерай у параўнанні з высылкай і расстрэлам былі чысткі, якія праводзіліся практычна ў кожнай установе. Так, партыю чысцілі некалькі разоў: 1933- 31 снежня 1934 гг.), 1935 г. і ў студзені-верасні 1936 г.

Практычна любая праверка магла стаць прычынай чысткі. Так, да прыкладу, Берман у 1938 г. дакладаў сакратару ЦК КПБ (б) Волкаву, што “Из 1057 учителей г.Минска на 266 мы располагаем компрометирующими материалами, как на людей антисоветских и выходцев из социально—чуждой среды» (НАРБ, ф. 4п, воп.1, спр. 13228, арк. 50). Падобны даклад даваў нагоду для звальненняў і іншых рэпрэсіўных мераў.

Трэба сказаць, што разам з рэпрэсаваннем творчай асобы забароне  падлягалі і ўсе ягоныя працы. Вось якія інструкцыі дае на гэты конт Галоўліт БССР: “Главлит БССР рекомендует при обнаружении наличия книг и иных изданий, в которых содержатся статьи врагов народа, идеализация или ссылка на них, цитаты и т.п. доводить об этом до сведения Главлит БССР для включения в списки литературы, подлежащей изъятию и рассылаемые Главлитом” (НАРБ ф. 4п, воп.1, спр. 12149, арк. 104).

Знішчаючы нацыянальную эліту, яе творы, здабыткі і культуру бальшавікі пазбавілі некалькі генерацый магчымасці паўнавартаснага развіцця, далучэння да здабыткаў роднай культуры і навукі. Вопыт грамадскага і палітычнага будаўніцтва быў забыты на доўгі час.

Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны)
Нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. ў мястэчку Капыль, пад Мінскам.

Пiсьменнiк, публiцыст, гiсторык, дзяржаўны i грамадскі дзеяч, старшыня першага савецкага ўрада Беларусі, рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”, ініцыятар стварэння літаратурнага аб’яднання і часопіса “Полымя”, узначальваў Дзяржвыдавецтва і Цэнтральны архіў БССР, загадчык выдавецтва АН БССР.

Арыштаваны 15 лістапада 1936 г. і абвінавачаны ў імкненні адарваць БССР ад Савецкага Саюза, а таксама ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. У турме праз катаванні страціў здароўе, быў абвешчаны псіхічна хворым, і пераведзены ў Магілёў у псіхіятрычную лячэбніцу, дзе 11 красавіка 1937 г. памер ад гангрэны легкіх (па некаторых звестках – скончыў жыццё самагубствам). Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве.