ВИРТУАЛЬНЫЙ МУЗЕЙ 
Советских репрессий в Беларуси 
   
ХРОНОЛОГИЯ
   
Первая половина 30-х

З 1929 па 1932 толькі праз раскулачванне было ліквідавана ад 48 да 64 тыс. гаспадарак (297,8 – 396,8 тыс. чалавек).

Да 1932 года працэс масавага раскулачвання быў афіцыйна спынены, аднак рэпрэссіі супраць сялян не спыніліся.

7 жніўня 1932 г. быў прыняты рэпрэсіўны закон “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці” (“Закон аб пяці каласках”), згодна з якім за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці прызначаўся расстрэл, а пры змякчальных абставінах – зняволенне не менш як на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, без права на амністыю. Паводле гэтага закона ў БССР на працягу 1933—34 асуджана больш за 10 тыс. чал.

З мая 1932 да мая 1933 з рэспублікі выслана 35 тыс. сялянскіх сем’яў

На працягу 1933 г. у калгасах было “выкрыта” і выключана 2700 “кулакоў-шкоднікаў”, 1544 работнікі зняты за “варожую” дзейнасць.

На працягу 1933—34 органамі НКУС у БССР ліквідавана 3281 “контррэвалюцыйная групоўка і арганізацыя”. З агульнай колькасці рэпрэсаваных і высланых за гэты час каля 10 тыс. складалі т.зв. сацыяльна чужыя і контррэвалюцыйныя элементы, каля 2,5 тыс. былыя калгаснікі.

На лютаўскім (1933) пленуме ЦК і ЦКК КП(б)Б паведамлялася, што за май 1932—люты 1933 з беларускай вёскі органамі забрана каля 30 тыс. “контррэвалюцыйных кулакацкіх, бандыцкіх, белагвардзейскіх элементаў”, якія ўваходзілі ў 1,5 тыс. груповак. Пленум згадзіўся з версіяй ДПУ пра быццам бы выяўленыя ў сельскай мясцовасці БССР падпольныя контррэвалюцыйныя арганізацыі і групы, якія мелі кіраўнікоў і ідэолагаў у цэнтры рэспублікі. Пасля лютаўскага пленума ЦК і ЦКК КП(б)Б і сакавіцкага пленума ЦК і Мінскага гаркома па рэспубліцы прайшла хваля палітычных чыстак. Зямельныя і савецкія органы, установы навукі, адукацыі, культуры, рэдакцыі газет і выдавецтвы “вызваляліся ад класава варожых элементаў”, арыштаваны тысячы сялян. Адбыліся чарговыя змены ў іх кіраўніцтве, перамены ў кірунках і змесце дзейнасці.

З канца 1920-х г. пачалася барацьбы з т. зв. беларускім буржуазным нацыяналізмам, якая вылілася ў расправу над прадстаўнікамі беларускай навукі, літаратуры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. Былі рэпрэсаваныя ўсе ўдзельнікі беларускага нацыянальнага руху 1917—24, якія засталіся жыць на тэрыторыі СССР.

Пачатак гэтаму быў пакладзены дзейнасцю ў Беларусі ў траўні—чэрвені 1929 камісіі ЦК ВКП(б) па абследаванні практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР на чале якой стаяў У.П.Затонскі. Вынікам дзейнасці камісіі стала сфальсіфікаваная справа “Саюз вызвалення Беларусі”. Былі арыштаваны 108 чалавек беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку акадэмікі Беларускай АН В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С.Некрашэвіч, прафесар А. Смоліч, прафесар У. Пічэта, наркомы земляробства (Дз. Прышчэпаў) і асветы (А. Баліцкі), пісьменнікі М. Гарэцкі, У. Дубоўка, Я. Пушча.

Арыштаваныя па абвінавачванні ў прыналежнасці да “СВБ” былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення альбо высланы за межы БССР пасля закрытага пасяджэння кастрычніцкага (1930) пленума ЦК КП(б)Б, які ўхваліў дзеянні ДПУ і прапановы бюро ЦК па ліквідацыі нацыяналістычнага контррэвалюцыйнага падполля. Адначасова паводле рашэнняў пленума пачалася масавая чыстка партыі ад т.зв. нацыянал-ухілістаў, найперш у яе кіруючых звёнах.

У 1931 супрацоўнікамі АДПУ сфальсіфікаваны справы на наступныя “контррэвалюцыйныя шкодніцкія арганізацыі”: “Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі” (БФПСП), “Беларускі філіял меншавікоў”, “Беларускі філіял прампартыі”. У члены “БФПСП” у першую чаргу залічваліся прыхільнікі развіцця сельскай гаспадаркі за кошт фермерскіх гаспадарак, незадаволенасць сялян палітыкай суцэльнай калектывізацыі падавалася як вынік шкодніцкай дзейнасці “арганізацыі”. Лічылася, што ўсе арганізацыі былі паміж сабой звязаны. Іх ячэйкі былі выяўлены ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, Наркамземе, ЦСУ, Народным камісарыяце забеспячэння, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, Белбудаб’яднанні, Белметалаб’яднанні, Белскураб’яднані, фінансавых органах і спажывецкай кааперацыі, у шэрагу раёнаў.

У 1933 супраць беларускай інтэлігенцыі сфальсіфікаваны справы “Беларуская народная грамада”, якая з’яўлялася працягам “СВБ”(па ёй праходзіла 68 чалавек пераважна беларускіх пісьменнікаў, настаўнікаў, студэнтаў) і “Беларускі нацыянальны цэнтр” (праходзілі 161 чалавек, пераважна дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху Зах. Беларусі, якія перабраліся ў БССР). Абедзве арганізацыі нібыта мелі на мэце звяржэнне савецкай улады шляхам узброенага паўстання і стварэнне Беларускай буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі. Ячэйкі арганізацый былі “выяўлены” спецорганамі ў Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваеннай акрузе, у шэрагу гарадоў і раёнаў БССР. Практычна усе, хто праходзіў па справах першай паловы 1930-х гадоў і выжыў, былі рэпрэсаваны паўторна у 1937-41 гг., большасць з іх былі растраляны ці загінулі ў лагерах. Некаторыя з “удзельнікаў” СВБ былі арыштаваны ў трэці раз ў 1949-52 гг. і асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібіры (Дубоўка, М.М.Улашчык і інш.)

Пасля забойства Кірава была прынята Пастанова ЦВК і СНК СССР “Аб парадку вядзення спраў па падрыхтоўцы ці здзяйсненню тэрарыстычных актаў” ад 1 снежня 1934 тэрміны вядзення следства па такіх справах абмяжоўваліся 10 днямі, абвінаваўчае заключэнне ўручалася за 1 суткі да суда. Справы разглядаліся без удзелу пракурора і адваката. Касацыйнае абскарджанне і падача хадайніцтваў аб памілаванні не дазваляліся, смяротныя прыгаворы выконваліся неадкладна. Аналагічны парадак уводзіўся ў верасні 1937 па справах аб шкодніцтве і дыверсіях. Справы па палітычных абвінавачваннях разбіраліся ў пазасудовым парадку з прымяненнем вышэйшай меры пакарання. Асобая нарада пачала дзейнічаць не ў поўным складзе, як прадугледжвалася законам, а ў выглядзе “пяцёркі”, “тройкі” і нават “двойкі” (нарком НКУС і пракурор СССР). Санкцыянавалася прымяненне фізічных мер уздзеяння да арыштаваных. Мясцовыя органы, у адпаведнасці з закрытым лістом ЦК ВКП(б) “Урокі падзей, звязаных са злачынным забойствам тав. Кірава”, павінны былі паставіць пад падазрэнне ўсіх камуністаў, хто калі-небудзь выступаў супраць сталінскага кіраўніцтва, праяўляў іншадумства.

Хваля тэрору, арганізаванага адразу ж пасля забойства Кірава, захапіла не толькі членаў партыі. Паўсюдна раскрываліся “контррэвалюцыйныя” і “тэрарыстычныя” змовы. Сакратарам і старшыням райкомаў былі накіраваны спецыяльныя цыркуляры аб неабходнасці тэрміновай і рашучай чысткі калгасаў ад варожых элементаў (1935), у месячны тэрмін праверцы падлягалі ўсё службовыя асобы ўсіх калгасаў.

Паводле пастановы ЦВК і СНК СССР ад 7 красавіка 1935 “Аб мерах барацьбы са злачыннасцю непаўналетніх” крымінальнай адказнасці падлягалі дзеці з 12-гадовага ўзросту.

У 1929—30, 1933 былі праведзены партыйныя чысткі. Калі на 1 студзеня 1933 г. Кампартыя Беларусі налічвала 65040 чалавек, то ў 1934 – 37909. У выніку праверкі партдакументаў 1935—36 выключана з партыі і знята з працы 17% старшынь райкомаў і 14% іх намеснікаў, 22% сакратароў райвыканкомаў, толькі па 59 раёнах выключана з партыі і знята з працы 10% старшынь сельсаветаў ад агульнай іх колькасці па 88 раёнах БССР. Абмен партыйных дакументаў прывёў да чарговага скарачэння колькасці членаў партыі – 31937 членаў. Выключэнне з партыі суправаджалася звальненнем з працы, а нярэдка і іншымі больш жорсткімі рэпрэсіямі.