ВІРТУАЛЬНЫ МУЗЕЙ 
Савецкіх рэпрэсій у Беларусі 
     
ПУБЛІКАЦЫІ
     
Ірына Раманава. “Нам Сталін дазволіў маліцца Богу”: Супрацьстаянне вернікаў і дзяржавы ў 1937 годзе

Анатацыя: Артыкул прысвечаны даследаванню сурпацьстаяння ўлады і вернікаў у 1937 годзе. Да сярэдзіны 1930-х гадоў бальшавікі, відаць, былі ўпэўнены калі не ў поўнай сваёй перамозе над рэлігіяй, то ў эфектыўнасці кантролю над ёй. Аднак рэчаіснасць сведчыла аб зваротным. Да сярэдзіны 1937 года вернікі і святары зноў былі ўключаны ў агульны шквал рэпрэсій, асаблівая ўвага пры гэтым была нададзена праваслаўным і так званым сектантам.

Ключавыя словы: рэлігія, вернікі, супраціў, рэпрэсіі, БССР.

Да сярэдзіны 1930-х гадоў бальшавікі, відаць, былі ўпэўнены калі не ў поўнай сваёй перамозе над рэлігіяй, то ў эфектыўнасці кантролю над ёй. На карысць гэтага сведчаць факт абвяшчэння ў Канстытуцыі СССР 1936 года (1937 год БССР) свабоды веравызнання, наданне палітычных правоў святарам, уключэнне ў анкету перапісу 1937 года пытання аб веравызнанні. Гэты перапіс акрамя ўсяго іншага павінен быў наглядна прадэманстраваць поспехі атэізацыі савецкага грамадства, у інструкцыях па яго правядзенні спецыяльна падкрэслівалася: фіксавацца павінен не факт прыналежнасці чалавека да якой-небудзь канфесіі ў мінулым (напрыклад, па факце хрышчэння), а рэальныя яго адносіны да веры ў дадзены момант.

Як сведчаць шматлікія паведамленні розных органаў улады з месцаў, вясковыя жыхары былі перакананы, што перапіс праводзіўся найперш з мэтай выяўлення вернікаў. Пошук тлумачэнняў, для чаго гэта патрэбна ўладам, выклікаў сапраўдную паніку сярод насельніцтва, а сам перапіс стаў свайго роду тэстам на давер да ўладаў (гл.: Фицпатрик, 2001, Курляндский, 2011, Раманава, 2012, Жиромская, 2000). Усе размовы вакол магчымых наступстваў перапісу ўлады адносілі да ліку контррэвалюцыйных з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі (НАРБ, спр. 923, л. 1).

Уласцівая вясковай веры некананічнасць, прымесь традыцый, дазваляла сялянам ва ўмовах ганенняў на царкву адступіць, “схаваць сябе ў свой уласны свет” (Lewin, 1985: 70). Тым больш, што большасць форм рэлігійнага выяўлення ў выпадку неабходнасці можна было здзяйсняць без святароў і цэркваў: для штодзённых і нядзельных малебнаў было дастаткова ікон, Бібліі, а маліцца можна было і дома, у лесе. Аднак такая некананічнасць ва ўмовах падпольнага існавання мела наступствам трансфармацыю, кажучы на мове ўладаў, у “секты апакаліптычнага і супрацьдзяржаўнага характару” (гл. Федоренко, 1965). Наглядным прыкладам чаму з’яўляюцца так званыя маўчальнікі Лепельскага раёна (гл. Раманава, 2012, Романова, 2012).

Пасля прыняцця Канстытуцыі барацьба “веруючых і царкоўнікаў” (якія не былі яшчэ арыштаваны і не пайшлі ў падполле) набыла новы характар, яны дзейнічалі ў адпаведнасці з законам, але насуперак уладзе, і разам з тым са спасылкай на самы высокі ўладны аўтарытэт: “Нам Сталін дазволіў маліцца Богу”. Так, у Бешанковічах на гэтай падставе іудзеі патрабавалі вярнуць ім сінагогу, а евангелісты, даказваючы сваё права на правядзенне сходу, зачыталі старшыні райвыканкама артыкул Канстытуцыі аб свабодзе веравызнання і гэтак далей (НАРБ, спр. 988, л. 348–399).

Па ўсёй краіне разгарнулася кампанія па зборы подпісаў за адкрыццё цэркваў, касцёлаў, сінагог, за вяртанне святароў. Толькі пад заявамі з просьбай аб адкрыцці нядзейнічаючых цэркваў за 1936 і 1937 гады па БССР было сабрана да 90 тыс. подпісаў (НАРБ, спр. 1400, л. 66). Збіраліся подпісы пад петыцыямі з просьбай адслужыць Пасху і гэтак далей З мэтай дабіцца афіцыйнага дазволу на адкрыццё царквы сяляне збіралі грошы і пасылалі дэлегацыі ў Мінск і нават Маскву. Дэлегацыі з мястэчка Капыль, вёсак Стары Шклоў, Княжыцы дабраліся да сталіцы СССР. Збіраліся сродкі на выкуп арыштаваных святароў (НАРБ, спр. 1027, л. 196–253).

Веруючыя спрабавалі вярнуць сабе царкву, касцёл, сінагогу самастойна: калі не забаронена, значыць – дазволена. Так, у Капусцінскім сельсавеце Кіраўскага раёна стараверы ўзламалі замкі на зачыненай старшынёй сельсавета царкве. У самой царкве яны выступілі з падзякамі ў адрас Сталіна за “дазвол адкрыцця цэркваў і здзяйснення рэлігійных абрадаў”, спасылаліся на новую Канстытуцыю (НАРБ, спр.
988, л. 348–399).

Хваля выступленняў за адчыненне цэркваў прайшла напярэдадні Благавешчання.

Напярэдадні Пасхі ў 1937 годзе райкамы атрымалі тэлеграму ЦК аб прыняцці мераў, якія б прадухілялі выступленні царкоўнікаў у пасхальныя дні”. Па лініі райаддзелаў НКУС былі “прыняты меры ў месцах найбольш актыўнай дзейнасці царкоўна-сектанцкіх элементаў”. Акрамя таго, у сельсаветы камандзіраваліся члены райпартактыва (павінны былі там знаходзіцца з 30 красавіка па 3 мая); ва ўсіх сельсаветах і райвыканкамах на гэты перыяд устанаўлівалася кругласутачнае дзяжурства. Райаддзелы НКУС павінны былі штодзень інфармаваць сакратароў РК аб настроях насельніцтва ў сувязі з пасхальнымі днямі (НАРБ, спр. 1028, л. 276–277).

На Пасху народ прыйшоў у касцёлы і цэрквы (гл. Калинина, 2012).

Выбары ў Вярхоўны савет павінны былі адбыцца ў канцы 1937 года. Упершыню выбары былі ўсеагульныя, роўныя, прамыя і таемныя. Улады ўлічвалі верагоднасць таго, што “рэлігійнікі і сектанты” могуць паспрабаваць “працягнуць сваіх людзей” у органы ўлады. Яшчэ 27 сакавіка 1937 года з цэнтра ў мясцовыя ўпраўленні НКУС быў разасланы цыркуляр “Аб пасіленні работы па царкоўніках і сектантах”, у якім адзначалася, што менавіта ў сувязі з будучымі выбарамі неабходна прыняцце ўсіх мераў, каб стаўленікі царквы не прайшлі ў нізавы савецкі выбарны апарат, у Вярхоўны савет. Акрамя таго, у ім утрымліваўся загад аб узмацненні агентурнай і аператыўнай работы па “царкоўніках” і прыхільніках сект (Курляндский, 2011: 516–517).

Да 5 мая камітэтам партыі ўсіх узроўняў належала даслаць у ЦК КП(б)Б дакладныя запіскі аб становішчы антырэлігійнай прапаганды і працы царкоўнікаў і сектантаў, яўрэйскіх рэлігійных абшчын, так як “трэба мець на ўвазе, што ўсе яны ў сучасны момант не столькі агітуюць за свайго “бога”, колькі рыхтуюцца да выбараў – спрабуючы ў сваёй агітацыі выкарыстоўваць новую Канстытуцыю і ўсе нашыя недахопы ў калгасах, саўгасах, МТС, а таксама некаторыя цяжкасці бягучай вясны” (НАРБ, спр. 1009, л. 505–506).

Галоўная ўвага ў 1937–1938 гадах была звернута на так званых сектантаў і праваслаўную царкву, якія нібыта дзейнічалі заадно і мелі “сваёй задачай стварэнне адзінага антысавецкага фронту”, “знаходзіліся на службе германа-польскай і японскай разведак і мелі сваёй мэтай арганізацыю шпіёнска-паўстанцкіх кадраў” (Хаустов, Самуэльсон, 2009: 407–414).

А ў канцы чэрвеня 1938 года нарком унутраных спраў БССР Наседкін адзначаў паспяховасць аператыўнага ўдару органаў НКУС БССР “па арганізаваным антысавецкім падполлі царкоўнікаў і сектантаў і па царкоўна-сектанцкім актыве”. На 21 чэрвеня 1938 года ў БССР засталося толькі дзве праваслаўныя царквы, у Оршы і Мазыры, і было ўлічана 15 святароў, з іх 13 тых, хто зняў сан . (НАРБ, спр. 1400, л. 56)

Знішчыць царкву як інстытут аказалася прасцей, чым тое, што на мове ўладаў называлася “рэлігійным фанатызмам” яе прыхільнікаў. Ломка ўсіх жыццёвых устояў, ваяўнічая антырэлігійнай палітыка, масавыя рэпрэсіі сталі прычынай трансфармацыі рэлігійных інстытутаў, прывялі да ўзнікнення новых форм праяўлення рэлігійнасці, новых відаў самаарганізаваных рэлігійных сістэм. Закрыццём царквы ці касцёла атэізацыя грамадства не забяспечвалася, непрыяцце ж бальшавіцкай улады набывала радыкальную рэлігійную афарбоўку.

Бібліяграфія

1. Жиромская, Валентина (2000). Религиозность народа в 1937 году (по материалам Всесоюзной переписи), Исторический вестник: 5.
2. Калинина, Анна (2012). Христианские конфессии Советской Белоруссии в 1929–1939 гг.: активные и пассивные формы сопротивления в Государство, религия, церковь в России и за рубежом. Москва, 3–4: 181–204.
3. Курляндский, Игорь (2011). Сталин, власть, религия (религиозный и церковный факторы во внутренней политике советского государства). Москва.
4. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь у Мінску (НАРБ). Ф. 4-п. Воп. 21.
5. Раманава, Ірына (2012). Кляйменне Чырвонага дракона. Усесаюзны перапіс насельніцтва 1937 года і яго трактоўка ў сялянскім дыскурсе, Arche, 3: 246–262.
6. Романова, Ирина (2012). «Лепельское дело»: от молчаливого бунта до широкомасштабных репрессий в: V Лепельскія чытанні: матэрыялы навукова-практычнай канфернцыі (21–22 верасня 2012 год, горад Лепель). Віцебск, 121–130.
7. Федоренко, Федор (1965). Секты, их вера и дела. Москва.
8. Фицпатрик, Шейла (2001). Сталинские крестьяне. Социальная история советской России в 30-е годы: деревня. Москва.
9. Хаустов В., Самуэльсон Л. Сталин, НКВДирепрессии 1936–1938 гг. Москва.
10. Lewin, Мoshe (1985). Popular Religion in Twentieth-Century Russia in The Making of the Soviet System: Essays in the Social History of Interwar Russia. London.

Крыніца: Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3 (2014)