ВІРТУАЛЬНЫ МУЗЕЙ 
Савецкіх рэпрэсій у Беларусі 
     
РЭПРЭСІІ Ў ЛЁСАХ
     
Гарэцкі Гаўрыла Іванавіч

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 10 красавіка 1900 года у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павету Магілёўскай губерніі. Бацькі Гаўрылы былі простымі непісьменнымі сялянамі, але здолелі выгадаваць класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага і акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.

Пасля сканчэння Гора-Горацкай вучэльні, Гаўрыла вучыўся ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Яшчэ падчас навучання, у 1922 годзе, адбыўся першы арышт, але праз месяц яго вызвалілі. Пасля вяртання ў Беларусь ён працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, а таксама Інстытуце беларускай культуры (Інбелкульт), які пазней трансфармаваўся ў Беларускую акадэмію навук. У 1927 Гаўрыла Іванавіч узначаліў навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі СНК БССР, а ў 1928 г. атрымаў званне акадэміка АН БССР.

Радзім Гарэцкі распавядае пра цяжкі лёс братоў Гарэцкіх – Максіма і Гаўрылы

 

Але пачынаючы з 1929-га года сітуацыя ў СССР рэзка змянілася – пачалася агульнай калектывізацыя і ціск на нацыянальны рух. Па выдуманых ДПУ справах “Саюз Вызвалення Беларусі” і “Працоўная сялянская партыя” пачаліся арышты інтэлігенцыі – пісьменнікаў, навукоўцаў.

24 ліпеня 1930 года ДПУ БССР арыштавала Гаўрылу Іванавіча па справе “Працоўнай сялянскай партыі” як кіраўніка беларускага філіяла гэтай выдуманай арганізацыі. У тыя ж дні арыштавалі і Максіма Гарэцкага, якому прысудзілі 5 гадоў высылкі ў Вятку (г. Кіраў). 6 снежня Гаўрыла Гарэцкі быў пазбаўлены звання акадэміка.

Гаўрылу Іванавіча Гарэцкага, як “кіраўніка контррэвалюцыйнай арганізацыі”, адправілі ў маскоўскую турму Бутырку, дзе працягнуліся допыты. 30 траўня 1931 года Гаўрыла быў асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Спіс з асуджанымі да расстрэлу павінен быў быць зацверджаны Іосіфам Сталіным. Мікалай Галадзед і Аляксандр Чарвякоў хадайнічалі за Гаўрылу Іванавіча і Сталін змяніў смяротны прысуд на 10 гадоў канцэнтрацыйных лагераў.

Пакаранне Гаўрыла адбываў на Салаўках, дзе быў землякопам на Беламорска-Балтыйскім канале, а потым трапіў у геалагічны аддзел, дзе быў эканамістам. Там самавукам і стаў геолагам. За добрую працу замест 10 гадоў ППК, ён адседзеў усяго 4. Пасля вызвалення забраў сям’ю ў Мядзведжагорск (Карэла-Фінская аўтаномная рэспубліка). Жыць даводзілася ў адсеках старой канюшні.

У кастрычніку 1937-ага году Гаўрыла Іванавіч быў зноўку арыштаваны. У тыя дні ў Мядзведжагорску арыштавалі каля дзвюх тысяч былых зняволеных СЛОН (Салавецкі лагер асаблівага прызначэння). Гаўрылу зноўку адправілі пад следства ў Маскву як “злоснага” завадатара і за гэты час каля Мядзведжагорску расстралялі ўсіх арыштаваных. Гаўрыла чарговы раз уратаваўся – праз месяц яго адпусцілі.

Тады ж, у кастрычніку 1937 года, арыштавалі і Максіма Гарэцкага, а ў лютым 1938 года яго расстралялі ў Вязьме. Месца пахавання славутага беларускага пісьменніка невядомае дагэтуль.

Самым жахлівым для Гаўрылы Гарэцкага быў арышт 1938-га году. Тады яго бесперапынна змяшчалі ў “лазню” (від катавання, калі вязня змяшчаюць у вузкае ізаляванае памяшчканне, куды не трапляе свежае паветра), цягалі на працу, на допыты. Турмы былі перапоўненыя, ежы не хапала, многія сканчалі самагубствамі. Аднойчы і Гаўрыла напісаў цыдульку жонцы Ларысе, дзе прасіў перадаць лязо. Дзякуй Богу, ім ён не скрарыстаўся. 8 траўня 1938 году Гаўрыла Іванавіч чарговы раз быў асуджаны да расстрэлу. Больш за год прабыў у турме, але цудам застаўся жывым.

Радзім Гарэцкі распавядае, што давялося перажыць яго бацьку ў савецкіх турмах.

 

Толькі пасля вайны былі прызнаныя заслугі Гаўрылы Гарэцкага перад Айчынай – яму прысудзілі званне доктара геолага-мінералагічных навук, а пасля смерці Сталіна прызналі неабгрунтаванасць арыштаў і прысудаў. 22 красавіка 1958 года ён быў рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА, а ў ліпені 1965 года адноўлены ў званні акадэміка.

Чытаць дадаткова: Браты Гарэцкія