ВІРТУАЛЬНЫ МУЗЕЙ 
Савецкіх рэпрэсій у Беларусі 
     
РЭПРЭСІІ Ў ЛЁСАХ
     
Гюнтэр Барыс Давыдавіч

Гюнтэр Барыс Давыдавіч нарадзіўся 2 верасня 1943 года ў сям’і акцёраў. Маці – руская, бацька – з паволжскіх немцаў. Бацькі шмат ездзілі па гастролях і ім даводзілася граць у савецкіх патрыятычных спектаклях. Адным з такіх быў спектакль “Мама, я хачу дадому”. У гэтым спекталі маці Барыса Давыдавіча грала ролю хлопчыка, які збег з фашысцкага засценка, а затым яго лавілі, білі і ў рэшце рэшт – расстралялі. Маленькі Барыс ад пяцігадовага ўзросту бачыў гэты спектакль. Яму было вельмі крыўдна, што яго маці б’юць і ён са страху пачынаў крычаць на ўвесь тэатр “Не біце маю маму!”

Калі Барысу было восем гадоў, сям’я жыла ў Разані, кватэру мелі непасрэдна ў будынку тэатра. Хлопчык вырашыў адпомсціць за кепскае абыходжанне з маці і падчас спектакля “Мама, я хачу дадому” сунуў алавянага салдаціка ў разетку. Тым самым выключыў усё святло ў тэатры. Нехта з актораў тэрмінова адправіў данос у КДБ, што хлопец сарваў патрыятычны спектакль. Гэта было расцэнена як дыверсія. Адразу ж пасля спекталя, былі арыштаваныя бацькі Барыса, а праз тры дні і ён сам. З бацькамі Барыс сустрэўся толькі праз тры гады – калі іх вызвалілі.

8-гадовага хлопчыка месяц трымалі ў разанскім следчым ізалятары. У камеры разам з ім было каля 30 чалавек – дзяцей рознага ўзросту. Падчас допытаў Барыса фізічна катавалі – штурхалі, па твары білі, па шыі. Следчыя выбівалі з яго прызнанне, што нехта яго падштурхнуў да дыверсіі і навучыў, як яе ажыццявіць. Суд не праводзілі. Перавезлі ў Маскву і адправілі на этап. Барыс Давыдавіч з болем узгадвае набіты пад завязку вагон і два месяцы дарогі да горада Ангарска.

У Ангарску спецыяльна для дзяцей асуджаных зрабілі дзіцячы дом – два баракі за калючым дротам з аховай. У самім бараку быў вучэбны клас, дзе дзяцей вучылі звычайным прадметам, а таксама чыталі лекцыі пра савецкую ўладу, Леніна і Сталіна. Ліставанне з бацькамі было забаронена. Бацькі вызваліліся ў 1954 годзе і ўладкаваліся на працу ў Іркуцку. Толькі тады яны здолелі забраць Барыса з дзіцячага дома.

Барыс Давыдавіч з гонарам узгадвае свае выхадкі падчас навучання ў школе ў Іркуцку. Але ж гэтыя выхадкі паўплывалі на ўсё жыццё. Так, падчас вучобы ў сёмым класе, Барыс забег у клас раней за ўсіх, перавярнуў партрэт Сталіна і намаляваў там шарж, напісаўшы “жываглот”. Класная кіраўніца, якая зайшоўшы ў клас глядзела на партрэт павадыра, завершчала і выгнала яго з класа. Праз дзень прыйшоў выклік у КДБ. Там афіцэр правёў прафілактычную гутарку і сказаў больш так не рабіць. Але з таго моманту настаўнікі ў школе пачалі ставіцца перадузята – прыйшлося здаваць выпускныя іспыты ў іншай школе. Але пазней яму не далі паступіць у інстытут – завалілі на ўступных іспытах – паставілі 2, а вынікі пісьмовай працы не далі паглядзець і абскардзіць. Тое самае адбылося і пасля арміі.

Пасля неўдачы паступіць у інстытут Барыс вырашыў пайсці працаваць простым рабочым. Яго накіравалі працаваць слесарам на паўвыспу Мангушлак (Казахстан), прымаў удзел у будаўніцтве знакамітага маяка ў горадзе Актаў. Праз 13 гадоў пераехаў жыць у Гомель, дзе працаваў на Гомсельмашы.

Ад Гомельскай-Сельмашаўскай акругі Барыс Давыдавіч быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання, прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці Апазіцыі БНФ, быў сакратаром Сталай камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях працы, цэнаў, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва, уваходзіў у склад Часовай камісіі Вярхоўнага Савета па ацэнцы дзейнасці службовых асобаў у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У студзені 1991 года ў складзе дэлегацыі Апазіцыі БНФ быў у Вільні, калі туды былі ўведзеныя савецкія войскі з мэтай задушыць імкненне літоўцаў да незалежнасці. Узнагароджаны медалём Літоўскай Рэспублікі “Памяці 13 студзеня”.
Барыс Гюнтэр быў адным з аўтараў пакету дакументаў, якія ляглі ў падмурак прынятых 25 жніўня 1991 года рашэнняў аб абвяшчэнні незалежнасці Беларусі.

Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў 11-12 красавіка 1995 года ў Авальнай зале, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага А.Р. Лукашэнкам рэферэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сімвалаў “Пагоні” і бел-чырвона-белага сцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

Пасля сканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў пэўны час працаваў у праваабарончым цэнтры “Вясна”. 22 жніўня 2014 года яго не стала.

Выступ на мітынгу
Крыніца: Радыё Свабода; Дата: жнівень 1991 Дэпутат БНФ Барыс Гюнтэр выступае на мітынгу перад Домам урада ў жніўні 1991 г.