ВІРТУАЛЬНЫ МУЗЕЙ 
Савецкіх рэпрэсій у Беларусі 
Карныя органы

Савецкі рэжым мацаваўся на марксісцка-ленінскай канцэпцыі “дыктатуры пралетарыяту”.  Паводле аднаго з ідэолагаў бальшавіцкай дзяржаўнасці Бухарына: “Дзяржаўны прымус пры пралетарскай дыктатуры ёсць метад пабудовы камуністычнага грамадства”. Падобныя радыкальныя перакананні спарадзілі сваю асаблівую сістэму каштоўнасцяў, якая знайшла юрыдычнае ўвасабленне ў заканадаўчай базе савецкай рэпрэсіўнай палітыкі.

Дзяржаўны прымус па палітычным матывам стаў актыўна ўжывацца з першых дзён усталявання савецкай улады. У снежні 1917 г. для здзяйснення карных функцый ва ўмовах класавай барацьбы быў створаны адмысловы орган, названы першапачаткова Усерасійскай Надзвычайнай Камісіяй па Барацьбе з Контррэвалюцыяй і Сабатажам, якая стала шырока вядомай ва ўсім свеце па сваёй расійскай абрэвіятуры — ВЧК (ці проста, ЧК). Кіраваў ЧК Фелікс Дзяржынскі. ВЧК была нададзена пазасудовымі паўнамоцтвамі, г.зн. правам вызначаць меру пакарання без разгляду справы ў судзе.

Згодна сакрэтнай інструкцыі надзвычайным камісіям на месцах ад 1.12.1918:  “Ч.К., з’яўляючыся органам барацьбы ў вострыя моманты рэвалюцыі, накладваюць у выпадку неабходнасці прысячэння ці спынення незаконных дзеянняў пакарання ў адміністрацыйным парадку, але не ў судовым, штрафы, высыланні, расстрэлы і да т.п.”

Наўрад ці аўтары гэтай інструкцыі задумваліся над тым, ці можа нешта быць больш неправавым, чым смяротнае пакаранне  без суда ў адміністрацыйным, г.зн. загадным парадку!?

Палітычныя рэпрэсіі ажыццяўлялі не толькі надзвычайныя камісіі. Для барацьбы супраць контррэвалюцыйных сіл былі створаныя адмысловыя суды – рэвалюцыйныя трыбуналы. У палажэнні аб рэвтрыбуналах 1919 года, у прыватнасці, гаварылася: “Рэвалюцыйныя трыбуналы засноўваюцца з адмысловай мэтай разгляду спраў аб контррэвалюцыйных і ўсякія іншыя дзеяннях, якія ідуць супраць усіх заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі і накіраваных да паслаблення сілы і аўтарытэту Савецкай улады. У адпаведнасці з гэтым трыбуналам падаецца нічым не абмежаванае права ў вызначэнні меры рэпрэсіі”. У пэўным сэнсе рэвтрыбуналам надаваліся праявы судовых органаў, што ў вачах грамадскасці мусіла абмяжоўваць бязмежнае самаўпраўства ЧК.

Перамога бальшавікоў у грамадзянскай вайне пераканала партыйнае кіраўніцтва ў правільным выбары зброі. Адгэтуль карныя органы, з пэўнымі абнаўленнямі, працягвалі верай і праўдай служыць так званай дыктатуры пралетарыяту. У іх рэпрэсіўнай дзейнасці на працягу дзесяцігоддзяў захоўвалася тое, што ў пэўным сэнсе можна назваць “чэкісцкімі традыцыямі”: ігнараванне агульнадзяржаўнага заканадаўства і базаванне на ўнутрыведамасных актах, адсутнасць галоснасці і грамадскага кантролю, парушэнне агульнапрынятых працэсуальных нормаў і юрыдычных гарантый, масавыя пазасудовыя расправы, бязлітаснае прыгнечанне іншадумства, татальны кантроль над войскам і насельніцтвам – і ўсё гэта пад кіраўніцтвам правячай камуністычнай партыі.

Новая палітычная сітуацыя ўнутры краіны і змены ў знешняй палітыцы прымусілі савецкае кіраўніцтва пайсці на рэарганізацыю карных органаў.  У 1922 г. ВЧК была скасавана, а яе задачы  былі перакладзены на Народны камісарыят унутраных спраў.  Для правядзення ў жыццё пастаўленых ахоўных і карных функцый пры НКУС РСФСР утваралася Дзяржаўнае палітычнае упраўленне (ДПУ), а на месцах – палітычныя аддзелы. Напачатку ДПУ і яго мясцовыя органы надзяляліся правам ажыццяўляць у неабходных выпадках ператрусы, выманні, арышты. Але ў хуткім часе ДПУ было надзелена “правам пазасудовай расправы, аж да расстрэлу”, што адмаўляла першапачаткова прадугледжаны прынцып асуджэння толькі паводле пастановы суду.

Пасля ўтварэння СССР “у мэтах аб’яднання рэвалюцыйных высілкаў саюзных рэспублік па барацьбе з палітычнай і эканамічнай контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам” у 1923 г. было заснавана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне (АДПУ), якое кіравала працай мясцовых органаў ДПУ праз сваіх упаўнаважаных пры саветах народных камісараў саюзных рэспублік.

У  перыяд  з 1921 па 1929 г.  органамі ВЧК-ДПУ-АДПУ  было  арыштавана  больш 1 млн  чалавек,  у тым ліку  за  контррэвалюцыйныя  злачынствы – амаль 600  тыс.

10  ліпеня 1934 г.  пастановай  ЦВК  СССР  быў  утвораны  агульнасаюзны  Народны  камісарыят  унутраных  спраў НКУС СССР, а АДПУ пераўтвараецца ў Галоўнае Упраўленне Дзяржаўнай Бяспекі (ГУДБ) пры наркамаце унутраных спраў.  У  структуру  НКУС  увайшло таксама Галоўнае  упраўленне выпраўленча-працоўных  лагераў  і  працоўных  пасяленняў  (ГУЛАГ). У  саюзных  рэспубліках  ствараліся  рэспубліканскія  НКУС.

У канцы 1920-х гадоў судовая сістэма ўжо абмяжоўвала магчымасці разгортвання шырокай рэпрэсіўнай сістэмы. Выхад быў знойдзены ў скарачэнні самой судовай практыкі, у пашырэнні пазасудовых функцыяў карных органаў. Са стварэннем НКУС СССР была арганізаваная і Асобая нарада, якой было прадстаўлена права «прымяняць у адміністрацыйным парадку высылку, ссылку, заключэнне ў папраўча-працоўныя лагеры на тэрмін да пяці год і высылку за межы Саюза ССР». Пастановай ЦВК і СНК СССР ад 5 лістапада 1934 г. «Аб Асобай Нарадзе пры Народным Камісары унутраных спраў Союза ССР» быў вызначаны склад гэтага органа: наркам унутраных спраў, яго намеснікі, начальнік Галоўнага Упраўлення Міліцыі, упаўнаважаны НКУС па РСФСР, а таксама наркам унутраных спраў саюзнай рэспублікі, на тэрыторыі якой заведзена справа.

Фактычна Асобая нарада — гэта завочны адміністрацыйны суд органаў дзяржбяспекі. Следчыя органы дзяржбяспекі накіроўвалі ў Асобую нараду тыя справы, па якіх нават савецкі суд паводле фармальных меркаванняў не мог вынесці абвінавачвання. Невядомы ніводны выпадак адмены Асобай нарадаю свайго ж рашэння. Таксама гэтыя рашэнні як пазасудовыя не маглі быць перагледжанымі судовымі ці пракурорскімі інстанцыямі. Таксама ні ЦК, ні ЦВК ніколі не адмянялі пастаноў Асобай нарады.

Справы   аб  здрадзе  радзіме,  шпіянажы,  тэроры, выбухах, падпалах  і  іншых  выглядах  дыверсій (г.зн.  аб  найбольш “папулярныя”  ў  той  перыяд  відаў  дзяржаўных  злачынстваў)  накіроўваліся  на  разгляд  Ваеннай  калегіі  Вярхоўнага суда СССР і ваенных трыбуналаў акруг.

Ваенная  калегія  ажыццяўляла  судовую  практыку  па адзначаных вышэй  справам   пад  непасрэдным кіраўніцтвам  вышэйшых дырэктыўных органаў, г.зн. загадзя складаліся спісы асуджаных з ужо вызначанай мерай пакарання, якія дырэктыўна зацвярджаліся на самым версе. У 1937 – 38 гг, т. Сталін зацвердзіў 383 такіх спісаў, складзеных НКУС  на 44 465 адказных партыйных, савецкіх, камсамольскіх, ваенных і гаспадарчых працаўнікоў. У пераважнай большасці яны прысуджаліся да расстрэлу.

Пад  кіраўніцтвам  тых  жа “дырэктыўных  органаў” дзейнічалі  і  пазасудовыя  карныя  структуры, спароджаныя  палітычным  тэрорам 1930-х  гадоў – “тройкі”  і “двойкі”. Гэтыя пазасудовыя органы разглядалі і выносілі прысуд па справам, следства па якім вялося паскорана і ў спрошчаным парадку.

У  склад “троек”  уваходзілі  кіраўнікі  мясцовых  органаў НКУС,  першыя  сакратары  адпаведных  камітэтаў ВКП(б)  і  або  мясцовыя  пракуроры,  або  кіраўнікі  мясцовых  выканкамаў.  Такі  склад  забяспечваў  на  месцах  кругавую  паруку  вышэйшых  службовых асоб. “Тройкам”  падавалася  права  судзіць  па “першай катэгорыі”,  г.зн.  прыгаворваць  да  растрэлу,  і  па “другой катэгорыі”,  г.зн.  адпарўляць у  лагер  ці  турму  на  тэрмін  ад 8 да 10 гадоў.

Нароўні  з “тройкамі”  на працягу 1937 і 1938 гг.  актыўна  працавалі  так  званыя “двойкі”,  г.зн.  наркамы  ўнутраных спраў  рэспубалік  ці  начальнікі  краявых  і  абласных  упраўленняў  НКУС  сумесна  з  рэспубліканскімі,  краявымі  і абласнымі  пракурорамі.  Стварэнне  гэтых  пазасудовых структур  прадугледжвалася  загадам  НКУС  ад 11 жніўня 1937 г. “Аб аперацыі па репрэсаванню чальцоў польскай  ваеннай  арганізацыі  ў  СССР”.  Гэты  загад  усталёўваў парадак,  па  якім  мясцовыя “двойкі”  павінны  былі  кожныя 10 дзён  складаць  спісы  абвінавачваных.  Пасля  зацвярджэння  спісаў  у  НКУС СССР  і  Пракурорам  СССР  прысуд  неадкладна  прыводзіцца  да выканання.  На  падставе  гэтага загада  на працягу  года  па  нацыянальнай  прыкмеце  было  рэпрэсавана 106 666 палякаў,  з  іх  прысуджана  да  растрэлу 84 471 чалавек.  Аналагічным чынам  на  падставе загадаў  НКУС  ажыццяўляўся  масавы  тэрор  супраць немцаў,  карэйцаў,  латышоў  і  шматлікіх  іншых  груп  і  нацыянальнасцяў.

Злачынная  дзейнасць  гэтых  пазасудовых  органаў  працягвалася  больш  года. “Масавыя  аперацыі”  скончыліся  гэтак жа  арганізавана,  як  і  пачаліся.

26  лістапада 1938 г.  новы “гаспадар”  НКУС  Л.П.  Берыя,  выконваючы  распараджэнне  вышэйшага  партыйна-ўрадавага кіраўніцтва, падпісаў загад пра скасаванне “двоек” і  троек”  і  аднаўленні  парушаных  нормаў  крымінальна працэсуальнага  заканадаўства.  Ілюзію  аднаўлення  справядлівасці  і  законнасці  дапоўніў  Вярхоўны  суд СССР,  які  на  сваім  пленуме  ў  канцы  снежня 1938 г.  пачаў  пераглядаць  і  адмяняць  прысуды,  вынесеныя  раней па палітычных справах. Але асобая нарада  працягвала сваю дзейнасць да 1 верасня 1953 г.

У выніку шэрагу трансфармацый якія адбыліся ў сістэме дзяржбяспекі ў 1940-я гг.,  было ўтворана Міністэрствам Дзяржаўнай Бяспекі (МГБ). Пасля  смерці  Сталіна у 1953 г., МДБ аб’ядноўваецца з МУС у адзінае Міністэрства  Унутраных Спраў СССР пад кіраўніцтвам Л. Берыі. Але праз год, 13 сакавіка  1954  г.  дзяржбяспеку  канчаткова  аднаўляюць  як самастойны  орган  –  Камітэт  Дзяржаўнай  Бяспекі.  У  КГБ  былі адабраныя  тыя  супрацоўнікі  МДБ,  якіх  новае  партыйнае кіраўніцтва пасля стараннай праверкі палічыла надзейным. Сетка КГБ  ахоплівае  ўсе  сферы  жыцця  і  ўсю  тэрыторыю  велізарнай дзяржавы  –  спрэс  да  раёну,  а  таксама  ўсе  савецкія  ўстановы  за мяжою.  Менавіта  з  1954  г.  абрэвіятура  КГБ  замацоўваецца  ў свядомасці людзей як галоўны рэпрэсіўны орган СССР.

 

Мапа карных аперацый АДПУ-НКУС

 

 

 

Мапа карных аперацый органаў НКУС-МУС-МДБ

 

 

Пытки во время следствия
Шудель Юзеф Александрович вспоминает следователей, которые мучали его во время следствия.