ВИРТУАЛЬНЫЙ МУЗЕЙ 
Советских репрессий в Беларуси 
   
РЕАБИЛИТАЦИЯ
   
Реабилитация в 50-х – 60-х

Рэабілітацыя пачалася фактычна адразу пасля смерці І.Сталіна і тычылася найперш сваякоў вышэйшых партыйных чыноўнікаў, а таксама асуджаных на 5 гадоў. Масавы характар у той час насіла не рэабілітацыя, а амністыя. Так, згодна з пастановай Прэзідыума ЦК КПСС ад 27 сакавіка 1953 г. “Аб амністыі” з лагероў і калоній было вызвалена 1 201 738 чалавек. Але гэта было толькі 53,8% агульнай колькасці зняволеных на 1 красавіка 1953 года. Было ліквідавана 104 лагеры, 1567 калоній і лагерных падраздзяленняў .

Актывізацыя працэсу рэабілітацыі на месцах пачалася ў 1954 г. пасля стварэння спецыяльных камісій (Цэнтральная, рэспубліканскія, краявыя, абласныя , спецыяльныя выяздныя камісіі) па перагляду спраў асуджаных за “контррэвалюцыйныя злачынствы”, тых, хто ўтрымліваўся ў лагерах, калоніях, турмах і знаходзіўся ў ссылцы на пасяленні.

Механізм перагляду спраў быў даволі складаным, патрабаваў значных матэрыяльных і часовых затрат. Пракурорам, следчым працаўнікам, ваенным юрыстам належала праводзіць так званую праверку справы, у ходзе якой збіралася розная інфармацыя аб рэпрэсаваным, запрошваліся архіўныя даведкі, выклікаліся сведкі. Пасля гэтага складалася заключэнне, на падставе якога Генеральны пракурор СССР, яго намеснікі, ці Галоўны ваенны пракурор уносілі на Пленум, Калегію па крымінальных справах ці Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР пратэст па справе. Суд выносіў вызначэнне аб рэабілітацыі, перакваліфікацыі ці пакіданні ў сіле ранейшага прысуду.

Усе прынцыповыя пытанні рэабілітацыі, асабліва вядомых у краіне людзей, папярэдне ўносіліся ў Прэзідыум ЦК. Без яго згоды органы пракуратуры не маглі прадстаўляць прапановы па перагляду спраў у суды, а суды выносіць вызначэнні аб рэабілітацыі. Рэабілітацыі не падлягалі трацкісты, апартуністы, эсэры, меншавікі, прадстаўнікі іншых сацыялістычных партый; украінскія і прыбалтыйскія нацыяналісты павінны былі па-ранейшаму заставацца ў месцах ссылкі пад адміністрацыйным кантролем. Захоўваліся ў тайне статыстычныя дадзеныя аб арыштаваных органамі ВЧК-АДПУ-НКУС-МГБ за 1921 – 1953 гг. З мэтай утойвання маштаба і ходу рэпрэсій родным расстраляных і загінуўшых у лагерах выдаваліся фальшывыя даведкі аб абставінах і даце смерці.

Цэнтральнай і рэспубліканскай камісіямі па пераглядзе спраў на асоб, асуджаных за кантррэвалюцыйныя злачынствы, якія утрымліваліся ў лагерах і турмах да 29 красавіка 1955 г. было перагледжана па СССР 237 412 спраў. З іх па БССР 19 136 спраў; у выніку толькі 265 рашэнняў было адменена, а справы спынены; па 263 справах быў перакваліфікаваны склад злачынства, па 5915 – зменшаны тэрмін пакарання, па 2086 – прыменены Загад “Аб амністыі” з вызваленнем з-пад варты, па 120 – адменена ссылка і высылка на пасяленне, па 10410 – адмоўлена ў пераглядзе, па 77 былі прыняты іншыя рашэнні.

Яшчэ адну катэгорыю асуджаных складалі асобы, абвінавачваемыя ў супрацоўніцтве з акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры чым паняцце супрацоўніцтва разумелася вельмі шырока. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб амністыі савецкіх грамадзян, якія супрацоўнічалі з акупантамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны” ад 17 верасня 1955 г. з месцаў зняволення і ад іншых мер пакарання вызваляліся асуджаныя на тэрмін да дзесяці гадоў за пасобніцтва ворагу і іншыя злачынствы; напалову скарачаўся тэрмін асуджаным на тэрмін звыш дзесяці гадоў паводле артыкула 58. Падлягалі вызваленню са зняццем судзімасці асуджаныя за службу ў нямецкай арміі, паліцыі і спецыяльных нямецкіх фарміраваннях.

Амністыя не прымянялася да карнікаў, асуджаных за забойствы і здзекі над савецкімі грамадзянамі. Таксама дзеянне гэтага Загада не распаўсюджвалася на ваеннаслужачых, асуджаных за здачу ў палон (факт “незалежных ад ваеннаслужачага абставін, выкліканых баявымі абставінамі”, не ўлічваўся).

Пастановай Прэзідыума ЦК КПСС ад 29 чэрвеня 1956 г.“Аб устраненні наступстваў грубых парушэнняў законнасці ў адносінах былых ваеннапалонных” была асуджана практыка агульнага палітычнага недаверу да былых савецкіх ваеннаслужачых, якія знаходзіліся ў палоне ці акружэнні праціўніка , а 18 верасня на іх было распаўсюджана дзеянне Загада ад 17 верасня 1955 г. аб амністыі савецкіх грамадзян, якія супрацоўнічалі з акупантамі ў перыяд вайны.

За тры гады (1953 – 1956 гг.) з месцаў пазбаўлення волі ў БССР вярнулася прыкладна 17 тыс. чалавек раней асуджаных за антысавецкую дзейнасць. З іх былі 127 чалавек былі асуджаны як агенты замежных разведак, 60 як удзельнікі антысавецкіх арганізацый, 704 як нацыяналісты, 11 як тэрарысты, 6304 як здраднікі і пасобнікі, якія служылі ў нямецкіх карных атрадах, 1147 як бандыты і іх пасобнікі і 60 ксяндзоў.

Самай маштабнай катэгорыяй ахвяр рэпрэсій з’яўляліся сасланыя. Паводле дадзеных МУС СССР толькі на спецпасяленні ў 1954 г. знаходзілася 2 819 776 чалавек (у тым ліку 884 057 дзяцей да 16 гадоў) . Пастановай Прэзідыума ЦК КПСС “Аб зняцці абмежаванняў па спецпасяленні з былых кулакоў і іншых асоб” ад 13 жніўня 1954 г. абмежаванні здымаліся з кулакоў, выселеных у 1929-1933 гадах з раёнаў суцэльнай калектывізацыі; з немцаў, выселеных з тых раёнаў, адкуль высяленне не праводзілася.

Канец перыяду “нягласнай рэабілітацыі” быў пакладзены дакладам М. Хрушчова на ХХ з’ездзе партыі (25 лютага 1956 г.) “Аб кульце асобы і яго наступствах”. У дакладзе было афіцыйна заяўлена аб наяўнасці ў СССР палітычных рэпрэсій і іх незаконнасці.

Прэзідыум ВС СССР 10 сакавіка 1956 г. адмяніў свой Загад ад 21 лютага 1948 г. “Аб накіраванні асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў па адбыцці пакарання ў ссылку на пасяленне ў аддаленыя мясцовасці СССР”. Усе сасланыя па гэтаму Загаду аўтаматычна падлягалі вызваленню.

Аднак рэабілітацыя ў той час ішла найперш па заявах і скаргах грамадзян. Захоўваліся выпрацаваныя яшчэ да ХХ з’езда КПСС абмежаванні на рэабілітацыю трацкістаў, апартуністаў, эсэраў, меншавікоў, прадстаўнікоў іншых сацыялістычных партый. Выбарачна праводзілася рэабілітацыя народаў.

Пасля зняцця з пасады сакратара ЦК КПСС Хрушчова фармальна працэс рэабілітацыі працягваўся, на справе ж выпадкі разгляду спраў сталі адзінкавымі. Паступова была згорнута праца па ўдасканаленні заканадаўчай базы рэабілітацыі.

Працэс рэабілітацыі ішоў выбарачна, эпізадычна. Так, калі да 1962 года з ліку рэпрэсаваных было рэабілітавана 1 197 847 чалавек, то за наступныя 20 гадоў (1962 – 1983 гг.) толькі 157 055 чалавек . Існаванне так званых “цэнтраў” і “блокаў”, якія быццам бы кіравалі падрыўной, шпіёнскай, шкодніцкай дзейнасцю, пад сумненне не ставілася. Толькі ў выніку новага расследавання чарговага этапа рэабілітацыі, які пачаўся ў другой палове 1980-х гадоў у межах агульнага курса на дэмакратызацыю і галоснасць, было прызнана, што ні арганізаваных фракцыйных груп, ні “блокаў”, ні “цэнтраў” фактычна не існавала, а абвінавачванні супраць іх удзельнікаў базіраваліся на матэрыялах сфальсіфікаваных у ходзе следства і судзебнага разбіральніцтва.

Даведка Інцінскай райспецкамендатуры МУС КоміАССР К.І. Шышэі аб вызваленні і зняцці судзімасці. 14.04.1956