ВІРТУАЛЬНЫ МУЗЕЙ 
Савецкіх рэпрэсій у Беларусі 
              
ПРА ПРАЕКТ
              

Што такое палітычныя рэпрэсіі?

Пад палітычнымі рэпрэсіямі разумеюць гвалт, які ажыццяўляецца дзяржаўнымі органамі супраць пэўных катэгорый грамадзян з мэтай абароны і захавання існуючага ладу.

На тэрыторыі савецкай Беларусі палітычныя рэпрэсіі пачаліся адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе і працягваліся практычна да падзення савецкага рэжыму.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ажыццяўляліся ў перыяд кіравання Сталіна (канец 1920-х — пачатак 1950-х гадоў).

Пік рэпрэсій, які атрымаў назву “Вялікі тэрор”, прыпаў на 1937-38 годы, калі па справах органаў НКУС былі арыштаваныя і асуджаныя сотні тысяч чалавек.

 

Чаму былі рэпрэсіі?

Рэпрэсіі з’яўляюцца неад’емнай рысай любога таталітарнага грамадства. У СССР рэпрэсіўны апарат выкарыстоўваўся для падтрымання савецкага рэжыму, падаўлення іншадумства, стварэння ілюзіі поўнага адабрэння народам дзеянняў гэтай улады.

Бальшавікі першапачаткова ўзялі курс на тэрор, што дало магчымасць перамагчы ў грамадзянскай вайне і захапіць вярхоўную ўладу, ліквідаваўшы палітычных апанентаў.

Найбольш выразна прагматычныя функцыі рэпрэсій праявіліся ў перыяд сталінізму, калі карныя органы сталі важным сродкам сталінскай сацыяльнай інжынерыі. Але нават пасля смерці “павадыра народаў” рэпрэсіўная сістэма працягвала граць ключавую ролю ў падтрыманні таталітарнага рэжыму ў краіне.

 

Чаму мы павінны памятаць пра рэпрэсіі?

Савецкія палітычныя рэпрэсіі, якія насілі масавы характар, часта прыводзілі да асуджэння і заключэння, і нават фізічнага знішчэння грамадзян толькі за іншыя палітычныя погляды альбо “няправільнае” сацыяльнае паходжанне.

У Беларусі ахвярамі рэпрэсій сталі прадстаўнікі ўсіх пластоў грамадства, пачынаючы з культурных і палітычных элітаў, якіх абвінавачвалі ў буржуазным нацыяналізме, і сканчаючы рэпрэсіямі супраць сялян у перыяд калектывізацыі.

Аднак у нашай краіне дагэтуль не аддадзеная даніна памяці ахвярам рэпрэсій, гісторыя рэпрэсій у БССР недастаткова асветленая ў гісторыяграфіі, у сучаснай Беларусі няма ні агульнанацыянальнага музея, ні асобнай экспазіцыі, якая б комплексна і аб’ектыўна распавядала пра гісторыю савецкіх рэпрэсій.

 

Навошта патрэбны гэты музей?

Асноўнай мэтай ініцыятыўнай групы Віртуальнага музея з’яўляецца захаванне памяці пра савецкія рэпрэсіі.

У першую чаргу, наша дзейнасць накіраваная на запіс і захаванне ўспамінаў ахвяраў рэпрэсій, пошук і збор матэрыяльных сведчанняў злачынных дзеянняў савецкай рэпрэсіўнай машыны.

Задачай музея таксама з’яўляецца распаўсюджванне і данясенне да грамадства сабраных ведаў пра трагічныя падзеі нашага мінулага.

Мы з 2007 года збіралі матэрыялы: запісвалі аўдыё- і відэаінтэрв’ю з ахвярамі савецкай сістэмы, капіравалі дакументы, фотаздымкі. Зараз мы хочам падзяліцца гэтым з Вамі!

 

Як з намі звязацца?

Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій з’яўляецца грамадзянскай некамерцыйнай ініцыятывай, адкрытай для ўдзелу ўсіх зацікаўленых у вывучэнні савецкага перыяда ў гісторыі Беларусі.

Мы арганізуем сустрэчы з жывымі сведкамі савецкага тэрору, праводзім экскурсіі па месцах, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі. Па ўсіх пытаннях тэлефануйце: +375 (29) 571-26-11 (Валерыя); +375 (29) 38-346-38 (Уладзімір).

Мы будзем радыя, калі Вы захочаце далучыцца да нас альбо падзяліцца гісторыяй сваёй сям’і. Пішыце нам па адрэсе info@represii.net і дзяліцеся сваімі ідэямі!